| Навіны, людзі, спорт, штодзённае жыццё, партрэт, мастацтва і забавы, прырода, народныя традыцыі. Усё гэта беларусы могуць пабачыць не толькі ў нашым "Аб'ектыве". Але і праз фотааб'ектывы айчынных прафесійных рэпарцёраў. У гарадзенскай галерэі "Крыга" да пятага верасня адкрытая выстава пераможцаў сёлетняга конкурсу "Прэс-фота Беларусі". На фота Афганістан. 18-гадовая Бібі Айша, скалечаная за спробу ўцёкаў ад мужа. На іншым фота -- справакаваная чалавекам катастрофа, выцек нафты ў акіян. На трэцім -- вайна -- трагічная для ўсіх яе ўдзельнікаў... Тысячы фатарэпарцёраў 125 нацыянальнасцяў паказваюць нам свет у праекце "World Press Photo". У Беларусі няма нафты і няма вайны. Ёсць уласныя праблемы і найбольш вядомыя персанажы. Здымак фатографа Сяргея Гудзіліна -- абавязковы вечаровы прагляд салдатамі праграмы "Панарама" -- узяў Гран-пры беларускага конкурсу рэпарцёрскай фатаграфіі. СЯРГЕЙ ГУДЗІЛІН, ФОТАРЭПАРЦЁР: "Я сам разумею, што мая фатаграфія -- увогуле не для ўсіх. Яна, магчыма, больш жорсткая, больш суб'ектыўная. Але мне падаецца, што гэтак сама, як людзі працуюць на заводах і фабрыках, вырабляючы свой прадукт, так і мы, фатографы, мусім вырабляць свой". Семдзесят фотакарэспандэнтаў паказалі вынікі ўласнай працы -- каля 2000 момантаў беларускай рэчаіснасці. Найлепшыя абірала журы -- прафесіяналы з замежных інфармацыйных агенцтваў і выданняў. У васьмі рубрыках перамаглі 23 аўтары, 200 фатаграфіяў. ЮЛІЯ ДАРАШКЕВІЧ, АРГАНІЗАТАРКА КОНКУРСУ: "Ніводная пляцоўка не можа змясціць ... |